Святло ікон. Выстава прац Ядвігі Сянько

Калі чалавек шукае духоўнай падтрымкі, ён ідзе ў храм. Часта дапамагае знайсці ўнутраную апору і сузіранне твораў мастацтва. А што калі спалучыць жывапіс і духоўнасць?

Ікона - гэта не карціна, ікона - гэта святы абраз. Па выразе рускіх рэлігійных філосафаў, ікона - гэта акно, якое дапамагае чалавеку падчас малітвы зірнуць у вышэйшы свет.

14 верасня ў нашым музеі была адкрыта выстава ікон Ядвігі Сянько. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі ксёндз-вікарый парафіі Святога Вацлава горада Ваўкавыска Віталь і пробашч парафіі храма Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Дзімітрый Бялоцкі.

Нарадзілася Ядвіга Сянько ў вёсцы Палачаны Маладзечанскага раёна ў каталіцкай сям'і. Асновы веры - з дзяцінства. Яе папа самастойна асвоіў асновы ігры на аргане і служыў у касцёле. Мама вельмі прыгожа малявала, што перадалося і дачцэ. Спачатку Ядвіга займалася ў студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам мастака Юрыя Герасіменкі. У 1983 годзе скончыла Маскоўскі завочны народны універсітэт мастацтваў - факультэт выяўленчага мастацтва - аддзяленне станковага жывапісу і графікі і курс кіраўнікоў арткалектываў.

З 1997 года творчасць мастачкі практычна непарыўна звязана з тэматыкай хрысціянства. Па благаславенні Філарэта мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі піша спісы з усіх вядомых у праваслаўным свеце абразоў. У арсенале яе работ вельмі шмат каталіцкіх ікон, і ўсе вядомыя біблейскія сюжэты.

Работы майстра можна ўбачыць не толькі ў храмах Маладзечна і Маладзечанскага раёна. Знаходзяцца яны ў каталіцкіх і праваслаўных цэрквах у многіх гарадах Беларусі, а таксама прыватных калекцыях ва Украіне, Расіі, Арменіі, краінах Балтыі, Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, Англіі, ЗША.

Пазнаёміцца з творчасцю Ядвігі Сянько можна будзе да 15 кастрычніка 2023 года.

383