Гістарычныя падзеі к. XVIII ст. пач. ХІХ ст.

У шасці залах старажытнага дома-сядзібы, які быў пабудаваны ў 1805 г., размешчана экспазіцыя, прысвечаная падзеям вайны 1812 г. У чэрвені 1812 г. у гэтым доме знаходзілася штаб-кватэра 2-й рускай арміі пад камандаваннем генерала Пятра Іванавіча Баграціёна. Экспазіцыя ахоплівае перыяд гісторыі Еўропы з канца ХVІІІ ст. да 1812 г.

Першая зала знаёміць наведвальнікаў з падзеямі еўрапейскай гісторыі 1797-1809 гг., цэнтральнай фігурай якіх быў Напалеон Банапарт. Сюжэты старажытных карцін і гравюр апавядаюць пра яго прыход да ўлады і асноўныя падзеі, якія прывялі да стварэння Французскай імперыі: пераможнай вайне з аўстрыйцамі ў Італіі (1797 г.), вяртаннем з Егіпецкага паходу ў Парыж (1799 г.), захопе ўлады і каронацыі (1804 г.), перамозе над Аўстрыяй пры Ульме (1805 г.) і над Расіяй пры Аўстэрліцы (1805 г.), заключэнне Тыльзіцкага міру (1807 г.), заваёва Іспаніі (1808 г.), разгром аўстрыйцаў пры Ваграме (1809 г.).

Апроч карцін у зале знаходзіцца халодная і агнястрэльная зброя XVIII-XIX стст. (шаблі, стрэльбы, масіўная марціра), музычныя інструменты (горн і барабаны), мундзір унтэр-афіцэра з меднай шапкай-грэнадзёркай, парыком і касіцай, а таксама калет прускага афіцэра з каўпаком.

У другой зале адбываецца знаёмства з першым этапам вайны 1812 г. і ходам Барадзінскай бітвы. Карта-схема дапамагае прасачыць баявы шлях 2-га рускага войска ад Ваўкавыска да Барадзіна. На карціне "Раненне Баграціёна" захаваны трагічны момант бітвы, калі генерал быў паранены асколкам ядра, але не пакінуў поле бою перш, чым не аддаў неабходныя загады. Паранены Баграціён быў адвезены ў Маскву, затым у вёску Сімы Уладзімірскай губерні. Там ён памёр 12 верасня 1812 г. Яго прах у 1839 г. быў урачыста пахаваны на Барадзінскім полі. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты паплечнікаў генерала па 2-ім рускім войску, а таксама М.І. Кутузава, М.Б. Барклая-дэ-Толі, А.П. Тармасава. У асобнай вітрыне знаходзяцца рэдкія дакументы, сярод якіх загады французскага камандавання ўладам Ваўкавыскага павета. Сюжэты двух гравюр расказваюць аб сустрэчы Аляксандра I з масквічамі ў пачатку вайны і Напалеона I са сваімі гвардзейцамі напярэдадні генеральнай бітвы. У зале выстаўлена разнастайная зброя расійскай арміі: пісталеты са знятымі замкамі, тульскі мушкет 1814 г., стрэльбы з сумкай-лядункай для захоўвання боепрыпасаў, цесакі ніжніх чыноў, драгунскі палаш, гусарская шабля.

Экспазіцыя трэцяй залы распавядае пра Ваўкавыскую бітву (карціна Г.І. Пеха "Ваўкавыская бітва"), 2(14) - 4(16) лістапада 1812 г. Ваўкавыск моцна пацярпеў падчас бою саксонскага корпуса генерала Рэнье і войскаў генерала Ф.В. Сакена. У гэтым баі вызначыўся генерал І.М. Дурнова, партрэт якога можна ўбачыць у экспазіцыі (праца невядомага мастака, першая палова XIX ст.), тут жа партрэты ўдзельнікаў вайны 1812 г., копіі рускіх карыкатур, якія высмейваюць няўдачы французаў у Расіі, фанабэрыстасць Напалеона. Асноўнае месца адведзена форме расійскага войска. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў: мундзір рускага трубача, гусарскія ментыкі, генеральскі даламан. У асобных вітрынах знаходзяцца галаўныя ўборы (ківера, каска), наплечныя знакі (эпалеты), гусарскія паясы (кушакі), цямлякі і іншыя элементы адзежы. У цэнтры залы знаходзіцца расійская гармата. Яе ствол быў адліты ў апошняй чвэрці XVIII ст., побач баннік для чысткі жарала, масіўныя ядры часоў вайны 1812 г. Акрамя таго, у зале знаходзяцца гравюры XIX ст., якія паказваюць герояў Айчыннай вайны, сярод якіх невялікі партрэт Н.А. Дуравы (1783-1866). Першая ў Расіі жанчына-афіцэр, яна ў 1806 г. пачала службу ў Гродне ў конна-польскім палку пад імем Аляксандра Васільевіча Дурава. У 1811 г. яна была пераведзена ў Літоўскі ўланскі полк, удзельнічала ў бітвах пры Карэлічах і Міры, пад Смаленскам і на Барадзінскім полі.

Наступная зала знаёміць з гісторыяй выгнання французаў з Расіі. Рух войскаў назад да Нёмана адзначаны на карце-схеме, трагічны фінал "Вялікай арміі" захаваны на гравюрах "Пераправа французскай арміі праз Бярэзіну", "Разгром маршала Віктора пад Старым Барысавым", "Разгром маршала Нэя пад Чырвоным".

У асобнай вітрыне знаходзяцца экспанаты, знойдзеныя на месцах былых бітваў. Гэта кулі, аскепкі ядраў, карцеч, нямецкі кінжал. Таксама ў зале выстаўлены ўзоры формы шматнацыянальнай "Вялікай арміі": прускі і французскі мундзіры, каска нямецкага генерала кірасір з плюмажам, каскі французскіх кірасір з конскімі хвастамі, элементы французскіх ківераў.

Пятая зала адведзена для знаёмства з падзеямі еўрапейскага паходу рускай арміі 1813-1814 гг. У красавіку 1814 года войскі кааліцыі ўвайшлі ў Парыж. Напалеон адрокся ад пасаду і быў сасланы. Аблічча панурага, самотнага чалавека, які пацярпеў поўнае паражэнне, захаваны на карціне "Напалеон у Фонтенбло" (копіі працы Ф. Деляроша). На французскіх гравюрах XIX ст. у дэталях намаляваны апошнія баі з французамі. Дзве гравюры прысвечаны бітве пры Ватэрлоа. У зале знаходзіцца заходнееўрапейская зброя пачатку XIX стагоддзя (пісталёты, шпага, палаш, шаблі, штык).

У шостай зале знаходзяцца расійскія медалі ў гонар перамог расійскай арміі ў бітвах з французамі, старажытныя кнігі на тэму вайны з Напалеонам, гравюры, якія паказваюць імператара, яго грабніцу ў Доме інвалідаў, французскіх маршалаў, цара Аляксандра I у Парыжы, генерал-фельдмаршала М.І. Кутузава. Таксама ў асобнай вітрыне знаходзяцца скульптуры радавога, гусара і гвардзейскага афіцэра Расіі, створаныя з высокім майстэрствам і ўвагай да дэталяў заснавальнікам музея Георгіем Іосіфавічам Пехам.