Ваўкавыск у войнах XX ст.

Гэтая экспазіцыя размешчана на другім паверсе новага будынка музея. Яна знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй горада і яго жыхароў у ХХ стагоддзі.

У пачатку XX ст. Ваўкавыск быў невялікім павятовым горадам Гродзенскай губерні на заходняй ускраіне вялізнай Расійскай імперыі. Нягледзячы на тое, што ў горадзе налічвалася два дзясяткі дробных прамысловых прадпрыемстваў, пераважным заняткам людзей было рамяство і гандаль. У канцы ХІХ ст. была ўведзена ў эксплуатацыю чыгунка Баранавічы-Беласток, якая прайшла праз Ваўкавыск, у горадзе былі пабудаваны два вакзалы. Фатаграфіі пачатку стагоддзя знаёмяць наведвальнікаў з абліччам горада, яго вуліц і ўскраін, вонкавым выглядам яго жыхароў, напрыклад службоўцаў чыгункі, а дзве карты горада (1823 г. і 1888-89 гг.) навочна дэманструюць рост Ваўкавыска ў папярэднім стагоддзі. Сярод прадметаў, якія знаёмяць з побытам людзей, - цынкавая таблічка страхавога таварыства «Расія», расійскія грошы (манеты і асігнацыі), лісткі адрыўнога календара за 1911 г.

Значнае месца ў экспазіцыі займае расповед пра трагічныя падзеі Першай сусветнай вайны 1914-1918 гг. Карта-схема знаёміць з абрысам Усходняга фронта. Фатаграфіі адлюстроўваюць асобныя эпізоды сусветнай вайны: шэраг бедна апранутых мужчын з вузельчыкамі ў руках (мабілізацыя 1914 г.), салдата, атручанага газам (1915 г.), сясцёр міласэрнасці ў перавязачнай (1916 г.), беларускіх бежанцаў  ля дашчанай палявой кухні. Гэтыя фатаграфіі наглядна дэманструюць цяжкае становішча людзей на фронце і ў тыле.

Жыхары ваўкавыскага павета неаднаразова прызываліся на фронт, у экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі нашых землякоў: Яўстафія Кудзелька, марака з легендарнага крэйсера «Вараг» і Івана Патоцкага, дзённік якога экспануецца ў музеі, расійскія плакаты, прысвечаныя мужнасці расійскіх воінаў (подзвіг лётчыка П. Несцерава, бой за горад Гродна). Дапаўняе ўбачанае сапраўдныя кулямёты «Максім» 1910 г., мадэлі аэрапланаў і расійскага дырыжабля, узоры зброі і ўзнагароды расійскай арміі, георгіеўскія крыжы і медалі, рыштунак рускіх салдат.

У верасні 1915 г. германскія войскі захапілі Ваўкавыск. Перыяд акупацыі працягнуўся да 1918 г., пра яго нагадваюць нямецкія грошы, пашпарты жыхароў павета на нямецкай і польскай мовах. Пасля капітуляцыі Германіі Заходняя Беларусь стала арэнай барацьбы Польшчы і Савецкай Расіі. Карты-схемы франтоў і фатаграфіі знаёмяць наведвальнікаў музея з умовамі Брэсцкага міру 1918 г. і Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. 24 ліпеня 1920 г. у горадзе на кароткі час была ўсталявана савецкая ўлада. На фатаграфіях - удзельнікі гэтай падзеі: конныя разведчыкі 168-й стралковай брыгады, чырвонаармеец Анатоль Рыгоравіч Краснавухаў, члены Ваўкавыскага рэўкама - кіраўнік міліцыі Пётр Іванавіч Карасёў і старшыня рэўкама Аляксандр Ільіч Зонін. З сапраўдных рэчаў таго часу можна вылучыць польскія ўзнагароды 1918-1920-х гг., партабак А.Г. Краснавухава, шлем-будзёнаўку воіна РККА. Прадстаўлены копіі савецкіх і польскіх плакатаў, панарамны здымак Ваўкавыска ў 1920-я гг.

Па ўмовах Рыжскага міру 1921 г. Заходняя Беларусь, у тым ліку г. Ваўкавыск увайшлі ў склад Польшчы. У горадзе размясціўся 3-ці конны полк польскіх стралкоў. У экспазіцыі ўзноўлены інтэр'ер пакоя польскага афіцэра 1920-30-х гг. з сапраўднымі прадметамі хатняга становішча. Яго дапаўняюць фотаздымкі салдат і афіцэраў палка, польскія ўзнагароды і зброя. Па шматлікіх фатаграфіях з відамі горада, яго жыхароў, рэчаў, якія ім належалі, можна меркаваць пра побыт гараджан, узровень жыцця, моду, вольны час у гэты перыяд.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі адведзена падзеям Другой сусветнай вайны 1939—1945 гг. Аб іх, падрабязна і паслядоўна, паведамляюць шматлікія экспанаты: фатаграфіі, плакаты, улёткі, карты, аскепкі мін і снарадаў, зброя, рыштунак, узнагароды, рэчы ўдзельнікаў вайны.

На фатаграфіях - моманты гісторыі і асобы людзей, якія трапілі ў жорны вайны. 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. 18 верасня чырвонаармейцаў віталі жыхары Ваўкавыска. Удзельнікам тых падзей быў камандзір танкавага ўзвода С.А. Заглыбоцкі. Побач з фатаграфіяй яго рэчы: планшэт, пасведчанне, чырвонаармейская зорка. На іншай фатаграфіі жыхар ваўкавыскага раёна селянін Ф.С. Струг. 28 кастрычніка 1939 г. ён, як найстарэйшы дэпутат, адкрыў Народны сход у Беластоку, які абвясціў аб'яднанне Заходняй Беларусі і БССР. Побач з фатаграфіямі змешчаны ўзоры формы і ўзбраення нямецкага і савецкага вайскоўцаў.

22 чэрвеня 1941 г. германскія войскі напалі на СССР. У першыя дні Ваўкавыск падвергся бамбардзіроўцы, шмат будынкаў было разбурана. У экспазіцыі прадстаўлены ўлёткі, якія немцы скідалі над акружанымі часткамі Чырвонай арміі, фатаграфіі абаронцаў горада - генерал-лейтэнанта Д.М. Карбышава, капітана Л.П. Малыгіна, міліцыянтаў П.І. Касіла і П.У. Семянчука.

Значная частка экспазіцыі расказвае пра перыяд фашысцкай акупацыі горада. У Ваўкавыску знаходзілася 250 нямецкіх вайскоўцаў і каля 300 паліцыянтаў. У Ізабеліне была нямецкая камендатура і буйны гарнізон. У ліку экспанатаў, якія наглядна дэманструюць «новы парадак» ёсць акупацыйныя пашпарты і грошы, позва на прымусовую працу ў Нямеччыну за 1942 г. На тэрыторыі горада знаходзіўся лагер для ваеннапалонных, праз які прайшло каля 20 000 савецкіх салдат. У горадзе быў асаблівы лагер смерці, куды звозілі на мукі і смерць яўрэяў горада і раёна, з усёй Беларусі, а таксама Польшчы, Украіны, Прыбалтыкі. Выстаўлены сапраўдныя рэчы зняволеных гэтага лагера і рэчы тых, хто іх ахоўваў. У 1941-1944 г. у горадзе і раёне немцы разбурылі 1650 жылых будынкаў, 19 школ, забілі 9328 мясцовых жыхароў, 3391 сагналі на працу ў Нямеччыну. Сярод сагнаных было 150 дзяцей, вярнулася 97. 7 ліпеня 1943 г. карнікі спалілі вёску Шаўлічы, загінула 366 чалавек, у тым ліку 120 дзяцей.

Адмысловае месца адведзена гісторыі ваўкавыскага падполля, партызанскага руху на тэрыторыі раёна. Фатаграфіі партызан і падпольшчыкаў дапаўняюць савецкія ўлёткі, газеты, зброя і ўзнагароды. Экспанаты асвятляюць барацьбу з акупантамі партызан атрада імя М. Калініна, дыверсійнай групы "Стойкія", нізянскіх і карпаўскіх патрыётаў, ваўкавыскіх падпольшчыкаў. Таксама выстаўлены ўзоры германскай агнястрэльнай і халоднай зброі.

14 ліпеня 1944 г. горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Карты-схемы знаёмяць наведвальнікаў з кірункам руху савецкіх войскаў у перыяд наступальнай аперацыі «Баграціён», з абставінамі вызвалення Ваўкавыска часткамі 3-й арміі генерала Аляксандра Васільевіча Гарбатава.

Аб пасляваенным аднаўленні і развіцці горада расказваюць фатаграфіі, юбілейныя ўзнагароды ветэранаў вайны, узноўлены інтэр'ер пакоя савецкага афіцэра пачатку 1960-х гг.

Не засталася па-за ўвагай трагічная гісторыя Афганскай вайны 1979-1989 гг. Тысячы беларусаў ваявалі ў Афганістане, каля 670 загінулі, выконваючы свой абавязак. Шэсць чалавек з Ваўкавыскага раёна не вярнуліся дадому. У экспазіцыі прадстаўлены іх фатаграфіі, граматы, асабістыя рэчы, узнагароды.