Пачатак археалагічнага вывучэння г. Ваўкавыска быў пакладзены ў 1925 г. дырэктарам Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Ю. Ядкоўскім.
На Замчышчы акрамя абломкаў керамікі, костак жывёл і плінфы было знойдзена толькі некалькі фрагментаў металічных вырабаў. Пры прарэзцы культурнага пласта на "Шведскай гары" выяўлена значная колькасць рэчаў, характэрных для матэрыяльнай культуры старажытнарускага горада: шыферныя прасніцы, шкляныя бранзалеты, каралі, абломкі амфар, вісячыя замкі, ключы, наканечнікі стрэл і іншыя прадметы.
У раскопках 1925 г. прымаў удзел краязнаўца-энтузіяст Г.І. Пех. На працягу 20 - 30-х гг. ён абследаваў ваўкавыскія помнікі і збіраў старажытныя рэчы. Назапашаны ім матэрыял стаў асновай для стварэння ў Ваўкавыску краязнаўчага музея.
"Археалогія" - гэта самая вялікая калекцыя Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея ім. П.І. Баграціёна. На 01.01.2015 г. яна налічвае 23 807 адзінак захоўвання. Першы археалагічны прадмет, які быў запісаны ў кнігу паступленняў Ваўкавыскага музея, галаснік XII ст., перададзены Гродзенскім музеем па акце ад 4 мая 1949 г. І гэты запіс паклала пачатак фармаванню вялікай калекцыі «Археалогіі».
Дадзеная калекцыя прадстаўлена наступнымі групамі музейных прадметаў:
- прадметы матэрыяльнай культуры з Ваўкавыскага гарадзішча X-XIII ст. (раскопкі 1954 г.);
- прадметы матэрыяльнай культуры з Ваўкавыскага гарадзішча XII-XIII ст. (раскопкі 1954 г.);
- прадметы матэрыяльнай культуры з Муравельніка XI-XIII ст. (раскопкі 1954 г.);
- прадметы матэрыяльнай культуры з Замчышча XI-XIII ст. (раскопкі 1955 г.);
- прадметы матэрыяльнай культуры з Чырвонага Сяла X-XII ст. (раскопкі 1955 г.);
- прадметы матэрыяльнай культуры з Муравельніка XI-XIII ст. (раскопкі 1955 г.);
- прадметы матэрыяльнай культуры з Замчышча XI-XIV ст. (раскопкі 1956 г.);
- прадметы матэрыяльнай культуры з Замчышча XI-XIII ст. (раскопкі 1958 г.).
Круглая медная бляшка (прадметы матэрыяльнай культуры г. Ваўкавыска XI - XIII стст.) Замчышча, 1955 г.
Бронзавы канчатак лука (прадметы матэрыяльнай культуры г. Ваўкавыска XI - XIV стст.), Замчышча, 1956 г.
Канічны касцяны наканечнік стралы
Матэрыялы археалагічных даследаванняў - магутны сродак у папаўненні звестак аб развіцці старажытных гарадоў і жыцці славянства ў цэлым. Менавіта ў гарадах больш інтэнсіўна працякала жыццё ў самых розных формах і відах, найбольш інтэнсіўна ўтвараўся культурны пласт, у якім утрымліваліся розныя страчаныя і выкінутыя рэчы, паўфабрыкаты і адходы розных рамёстваў з паўсядзённай дзейнасці гараджан. Археалагічная калекцыя дае магчымасць больш поўна адсачыць гісторыю Ваўкавыска, акрэсліць час яго ўзнікнення, даць характарыстыку эканамічнага і культурнага жыцця горада.
Раскопкі на «Шведскай гары», Замішчы і Муравельніку паказалі, што жыццё на гэтых узвышшах узнікла значна раней за першую летапісную згадку.
У склад калекцыі ўваходзяць:
- прадукцыя гарадскіх кавалёў (нажы, нажніцы, сякеры, косы, сярпы, сашнікі, цвікі). Адмысловая ўвага можна надаць прадметам абмундзіравання вершніка і абсталяванні баявога каня X-XVI ст. (наканечнікі копій, стрэл, шпоры, страмёны і інш.);
- прадукцыя ваўкавыскіх ювеліраў: упрыгожванні (лунніца, падвескі, фібулы, спражкі, пярсцёнкі, пярсцёнкі);
- прадметы царкоўнага культу (падвесныя крыжыкі, абразкі, кудмені, фрагменты харосу). Найбольшую цікавасць выклікаюць такія прадметы як амулет-змеявік, пісала, медальён з выявай старажытнага воіна.
- прадукцыя ваўкавыскіх кастарэзаў: аднабаковыя і двухбаковыя грабяні, некаторыя багата арнаментаваны; ручкі для нажоў, зашпількі для адзення, пласцінкі-накладкі; завесы для падвешвання калчанаў, жалейка (брелка);
- прадукцыя ганчароў: гаршкі, фрагменты пасудзін з вертыкальным горлам і місак, плінфы, прасліца, бразготка, фігурка воіна;
- імпартныя рэчы: шыферныя прасніцы, фрагменты шкляных бранзалетаў, пярсцёнкі, фрагменты шклянога посуду, глазураванай керамікі і амфар, бурштын, візантыйская манета Іаана II Комніна (1148 – 1143 гг.).
Сярод прадметаў вылучаюцца прылады працы (акантоўка рыдлёўкі, сашнік, каса-гарбуша). Таксама прадметы промыслаў (рыбалоўныя гаплікі, снасці, дрэвалазны шып), дэталі касцюма, архітэктурна-будаўнічая кераміка.
Для больш поўнай перадачы храналогіі горада Ваўкавыска, калекцыя "Археалогія" мае патрэбу ў папаўненні прадметамі побыту і этнаграфіі, прыладамі працы перыяду XV - XVIII стст.